БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ,

смаўжы, гастраподы (Gastropoda), клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.

Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. Культур.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)